Дзённік 1993
Скачать
Начало книги
Упершыню за апошні час сустракаў Новы год пачалавечы — у мілым сямейным коле, і зноў адчуў гэтую непараўнаную радасць. Божа, дапамажы мне — сівому, ды неразумнаму! Я апраўдаю давер Твой!..
Першы дзень новага года прайшоў у трывожных, цяжкіх роздумах. Што будзе? Куды ідзем? Ці бачым, ці разумеем самі? Два тыдні ляжаць накіды да артыкула „Што з намі?”. Не магу ўзяцца, каб сказаць гэтае балючае слова, не хапае сілы духу.30-га вечарам засядалі ўсім Прэзідыумам Вярхоўнага Савета ў Драздах, у былой рэзідэнцыі Першых асобаў (раней мая нага тут ні разу не ступала). На маё здзіўленне быў поўны кворум — прыйшлі ўсе да аднаго. Пілі мала. Гаварылі шмат. У тым ліку — шмат кампліментаў і клятваў вернасці Станіславу [Шушкевічу], нашаму спікеру, фактычна — галаве дзяржавы. (Але ж: „Пяюн не прапяяў тры краты”. Не паўторыцца? Далёка ж не ўсе яго аднадумцы! Сёй-той толькі і чакае каманды: „Назад!”) Ш-ў трохі перабраў, відаць, і па-дзіцячы смешна прасіўся ў Шушкевіча і ва ўсіх нас у замежную камандзіроўку. Як усё-такі цягне іх усіх у гэтыя паездкі! Як яны помняць пра сябе! Падсякай, пакуль клёў ёсць! Падсякай ды ў вядзерца! Ці на дно чоўна! Далі слова і мне. Сказаў пра прафесійны рост і старшыняў і ўсіх дэпутатаў, і ўсім пажадаў зрабіць хоць крок да практычнага карыстання беларускай мовай. Дарэчы, да гэтага заклікаў у слове на развітанне і Шушкевіч. А Б. Савіцкі зусім сур’ёзна сказаў мне: „А вы знаеце, што ў справе адраджэння беларускай мовы я зрабіў не менш за вас?” Яшчэ і паўтарыў гэтае самае „не менш”. „Можа быць, — адказаў я спакойна. — У такім разе гісторыя аддасць вам належнае”. Усякае даводзілася чуць ад тых, хто сам і двух слоў па-беларуску сказаць не можа, ну але такое — пачуў упершыню. Нават і накуляўшыся мог бы сёе-тое помніць, шаноўны прафесар.
- Жанр
- Проза
- Язык
- be
- Размер FB2
- 144,5 КБ
- Добавлена