Страх

Стефан Цвейг

Читать онлайн

Скачать

Начало книги

Калі фраў Ірэна выйшла з кватэры палюбоўніка і пачала спускацца ўніз па лесвіцы, яе раптам ахапіў ужо знаёмы недарэчны страх. Перад вачамі хутка замільгалі чорныя кругі, калені быццам занямелі, перасталі згінацца, і ёй прыйшлося ўчапіцца за парэнчы, каб не ўпасці. Не ўпершыню ішла яна на такую рызыкоўную прыгоду, і раптоўныя дрыжыкі не былі ёй навіной, але кожны раз, вяртаючыся дадому, яна не магла справіцца з беспрычынным прыступам дурнога і смешнага страху. Дарога на спатканне давалася ёй значна лягчэй. Экіпаж яна адпускала за вуглом, паспешна, не гледзячы па баках, адольвала некалькі крокаў да пад'езда, узбягала па прыступках наверх, і першы прыліў страху, да якога прымешвалася і нецярпенне, раставаў у гарачых прывітальных абдымках. Але калі яна збіралася дадому, дрыжыкі другога таямнічага страху падымаліся ў ёй: яны цьмяна спалучаліся з адчуваннем віны і недарэчнаю бояззю, што кожны праходжы з першага позірку на яе адгадае, адкуль яна ідзе, і дзёрзка ўхмыльнецца, бачачы яе разгубленасць. Ужо апошнія хвіліны блізкасці былі атручаны нарастаючаю трывогаю; яна спяшалася пайсці, ад спешкі ў яе нервова трэсліся рукі, яна няўважліва слухала словы палюбоўніка, паспешна абрывала развітальныя выбухі пачуцця; усё ў ёй ужо рвалася прэч, прэч з яго кватэры, з яго дома, ад гэтай прыгоды, назад у свой спакойны, салідны маленькі свет. Не разумеючы ад хвалявання ласкавых слоў, якімі палюбоўнік намагаўся яе супакоіць, яна на момант застывала за выратавальнымі дзвярамі і прыслухоўвалася, ці не ідзе хто-небудзь наверх або ўніз па лесвіцы. А на вуліцы ўжо вартаваў страх, каб адразу ж накінуцца на яе, уладарнаю рукою спыняў біццё яе сэрца, і яна, затоіўшы дыханне, спускалася па нямногіх лесвічных прыступках уніз.

Читать дальше →

Жанр
Классическая проза
Язык
be
Размер FB2
153,2 КБ
Добавлена