
Архангелы. Пачатак
Скачать
Начало книги
Двое мужчын няпэўнага веку йшлі па вузкай сцяжынцы сярод чорналесся спякотным жніўнем. Былі яны апранутыя, як грыбнікі ці, хутчэй, рыбакі: у камуфляж ды высокія боты да сярэдзіны клубоў. З чорных вялікіх заплечнікаў тырчалі вуды.
Да заплечніка таго, што ніжэй, было прымацавана вядро, якое гойдалася і звінела пры кожным кроку. А карыматы паўзверх паклажы абаранялі ад камароў патыліцы.
Камар’ё лютавала. Яго заўсёды найбольш у чорналессі, калі сцежка спускаецца ў балота і тлуста ўздрыгвае пад нагамі. Ні палуднёвае сонца, ні спякота не дапамагалі.
Ніжэйшы сцягнуў камуфляжную панаму і абцёр ад поту аблічча.
Былі мужчыны зусім рознымі. Адзін нізенькі, крэпкі, быццам баравічок, шэры ці амаль сівы. Разумныя блакітныя вочкі цікаўна вызіралі з-пад разлапістых брывоў, а шчокі цвілі румянцам, як у дзяўчыны.
Другі быў рослы, мажны, русявы — лічы што помесь варага з неандэртальцам, шырокія плечы, далоні-лапаты і разам кплівая й сарамяжлівая ўсмешка.