Калодзеж і ківач
Скачать
Начало книги
Я быў моцна знясілены, знясілены да смерці гэтым працяглым болем, і калі нарэшце яны мяне развязалі і дазволілі сесці, я адчуў, як пачуцці раптам пакідаюць мяне. Прысуд – страшэнны смяротны прысуд – апошняе, што яскрава ўспрыняў мой слых. А пасля гукі галасоў інквізітараў зліліся разам у нейкі невыразны гул, што, падавалася, даносіўся аднекуль праз смугу сну. Гул нагадаў маёй душы пра ідэю кругазвароту, мабыць, таму, што быў дужа падобны да рыпення млынарскага кола. Аднак толькі на імгненне, бо ў хуткім часе я ўжо нічога не чуў, хоць яшчэ крыху бачыў. Але ж як скажаў усё мой зрок! Я бачыў вусны апранутых у чорнае суддзяў. Яны падаліся мне бледнымі, белымі – бялейшымі за аркуш, на якім я пішу гэтыя словы, – і гратэскава тонкімі. У іх танклявасці было столькі волі і цвёрдасці, непахіснай рашучасці, суровай пагарды да чалавечых пакутаў. Я бачыў, як іх вусны яшчэ прамаўлялі загады, што для мяне ўжо сталі Лёсам. Бачыў, як яны крывяцца, кажучы смяротныя словы. Бачыў, як яны звязваюць гукі ў маё імя, і скаланаўся, бо ніводзін з іх не дасягаў маіх вушэй. Таксама бачыў цягам некалькіх жахлівых імгненняў трызнення лёгкае, ледзь заўважнае калыханне чорных драпіровак на сценах залі. А потым мой позірк упаў на сем вялізных свечак на стале. Спачатку была ў іх нейкая міласэрнасць, яны падаліся мне высокімі белымі анёламі, якім наканавана выратаваць мяне, але праз нейкі час раптам мой дух агарнула страшная агіда, я адчуваў, як кожная часцінка мяне ўздрыгвае, нібы ад дотыку аголенага дроту гальванічнай батарэі. Анёлы ж мігам ператварыліся ў невыразныя здані з вогненнымі галовамі, і я адразу адчуў, што чакаць дапамогі ад іх ужо не выпадае. А потым, нібы прыўкрасная мелодыя, закралася думка, як прыемна і спакойна будзе мне ў магіле.
- Жанр
- Классическая проза
- Перевод
- Юля Цімафеева
- Год написания
- 2013
- Язык
- be
- Размер FB2
- 59,5 КБ
- Добавлена