Апошні дзень восені
Скачать
Начало книги
Трывожная вестка параненай птушкай уварвалася ў спакойнае, размеранае жыццё Мішневіч — невялікага, на дваццаць пяць двароў, паселішча, што адным бокам прытулілася да мелкай, але свавольнай Обалі. Каваль Фёдар Сапун, які ездзіў да свайго цесця ў Храпавічы, па вяртанні паведаміў, што тры дні таму памёр тамтэйшы пан Васіль і што пахавалі яго на мясцовых могілках побач з раней загінулым бацькам.
Вестка не бог ведае якая важная — кожны дзень на Полаччыне паміралі людзі, але, атрымаўшы яе, гаспадарыня Мішневіч пані Арына адразу збялела, абмякла — быццам вядро ледзяной вады знянацку вылілі на яе плечы. Хваля пякучага холаду ахінула яе нутро, да горла падкаціў адчай. Да самай глыбіні душы дабраўся холад і яна каторы ўжо раз за апошнія гады адчула сябе маленькай пясчынкай на шырокай пыльнай дарозе, бездапаможнай, пакінутай, нікому не патрэбнай на гэтым свеце. Вестка каваля абарвала апошнюю нітачку, нават не нітачку — павуцінку, што яшчэ падтрымлівала яе кволае жаданне жыць. Гора, адчай, жаласць да сябе, свайго знявечанага жыцця, злосць і нянавісць да сваіх крыўдзіцелей — усё раптоўна абрынулася ў яе нутры са сваіх палічак, змяшалася ў адзін балючы камяк, пачало выпальваць вантробы, ірваць сэрца, спазмамі сціскаць горла. Яна ледзьве стрымала дзікі крык, які вырваўся з яе сэрца і, змятаючы ўсё на сваім шляху, ірвануўся вонкі. Закрыўшы далонямі твар, да крыві закусіўшы вусны, няцвёрдымі крокамі смяротна хворага чалавека яна накіравалася ў адзінае месца, дзе яшчэ магла знайсці нейкае суцяшэнне свайму гору. Гэтым месцам была невялікая каплічка на яе двары. Там, распрасцершыся ніц на халоднай, выкладзенай дзікім каменнем падлозе яна выпусціла вонкі таго шалёнага звера, што з лютасцю раздзіраў яе грудзі.
- Жанр
- Проза
- Язык
- be
- Размер FB2
- 54,2 КБ
- Добавлена