Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха
Скачать
Начало книги
Тэадор, - сказаў прафесар Вітэмбах, - падайце Мне, калі ласка, вунь той абкладзены пергаментам сшытак, на другой паліцы над пісьмовым сталом. Не, не гэты, а той маленькі, in octavo. Там усе мае дзённікавыя запісы за 1866 год, прынамсі, тыя, што дачытаць графа Шэмета.
Усе прыціхлі. Прафесар надзеў акуляры і прачытаў наступнае:
Калі ў Лондане быў выдадзены першы пераклад Святога пісання на літоўскую мову, я змясціў у кёнігсбергскай «Навукова-літаратурнай газеце» артыкул, дзе, аддаўшы належнае намаганням дасведчанага перакладчыка і пачцівым намерам Біблейскага таварыства, я ўсё ж звярнуў увагу на некаторыя дробныя памылкі, а таксама адзначыў, што гэты пераклад мог быць карысны не ўсяму літоўскаму насельніцтву, а толькі яго частцы. І сапраўды, выкарыстаны ў перакладзе дыялект з вялікай цяжкасцю зразумеюць жыхары таго краю, дзе гавораць па-жамойцку, ці, як яшчэ кажуць, па-жмудску. Я маю на ўвазе Жамойцкае староства. Мова гэтага краю стаіць яшчэ бліжэй да санскрыту, чым верхнелітоўская. Гэтая заўвага, нягледзячы на рэзкую крытыку з боку аднаго добра вядомага прафесара Дэрпцкага універсітэта, была з цікавасцю прынята шаноўнымі членамі праўлення Біблейскага таварыства, і яны не вагаючыся даслалі мне пачэсную прапанову рэдагаваць выданне Евангелля паводле Мацвея на жамойцкай мове. На той час я не мог узяцца за шырэйшую працу - пераклад усіх чатырох евангелляў, бо быў заняты даследаваннямі ва ўральскіх мовах. Мне прыйшлося адкласці шлюб з паннай Гертрудай Вебер і выехаць у Коўна, дзе я меўся сабраць усе, якія толькі магчыма, пісьмовыя помнікі на жамойцкай мове, як друкаваныя, гэтак і рукапісныя, не забываючыся, вядома, і пра народныя песні, дайны, апавяданні або легенды, пасакі, якія забяспечылі б мяне матэрыяламі да жамойцкага слоўніка, - працы, што мусіла папярэднічаць перакладу.
- Жанр
- Классическая проза
- Перевод
- Сяргей Шупа
- Язык
- be
- Размер FB2
- 74,6 КБ
- Добавлена