
Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў
Скачать
Начало книги
Калі б хто запытаў Мішку:
- Што ты любіш больш за ўсё на свеце?
Ён адразу б сказаў, каб умеў гаварыць:
- Што люблю? Маліну люблю... Мёд люблю... Цецеруковыя яйкі люблю...
- А яшчэ што?
- І яшчэ маліну.
Дужа любіў Мішка маліну і праз гэтую маліну вялікія непрыемнасці меў, і ўсякія праз яе няшчасці з ім здараліся і пакуты. Але цярпеў, крыўды зносіў і знявагі.
Вось і сягоння напалі на яго няўдачы. Ішоў пануры, нізка схіліўшы галаву, хістаўся троху з боку на бок і час ад часу вурчаў паціху, пад нос. Тады спынялася матка на якую хвіліну і пагрозліва касіла вокам і выскаляла зубы. Мішка таксама спыняўся, кідаў вурчаць і, схіліўшы да самай зямлі галаву, хітра сачыў за маткай, а ці не дасць часам яшчэ па загрыўку. Сачыў і быў гатовы адразу ж кінуцца наўцёкі, падалей ад матчыных пачастункаў. Ну як жа тут не быць панурым і сумным.
А пачалося ўсё раніцой. Яшчэ не паднялося сонца, яшчэ клубіўся туман над палянамі, як заварушылася Мішкава матка, грузна ўзнялася на пярэднія лапы. Потым, зяхнуўшы, стала на ўсе чатыры, шумна атрэслася ад моху, ад сухога лісця і падалася наверх з цёмнай бярлогі. Бачыў Мішка, як стаяла яна на краі бярлогі і, выцягнуўшы галаву, удыхала трапяткой і гарачай наздрыной свежае паветра раніцы, потым павяла кругом галавой і замерла на якую хвіліну - прыслухалася. Аднекуль здалёк прыляталі глухія гукі балабонаў - відаць, пасвіліся на балоце коні. Ціха пранесліся над палянай качкі, пралапацеў крыллямі цецярук - аж аблізнулася матка, уздыхнула. Тады Мішку зрабілася сумна. Мо таму, што ў бярлозе, пад вялікім яловым вываратнем, было цемнавата, мо таму, што без маткі рабілася холадна і няўтульна. І Мішка паціху заскуголіў. Матка вярнулася назад, узяла Мішку зубамі за карак і паставіла на ногі.
- Жанр
- Детская проза: прочее
- Издание
- Юнацтва, Мінск, 1997
- Язык
- be
- Размер FB2
- 183,2 КБ
- Добавлена