Здрадлівая жонка
Скачать
Начало книги
Вось ужо некалькі хвілінаў па аўтобусе кружыла нядошлая муха, якая немаведама адкуль узялася, бо ўсе вокны былі паднятыя. Яна бясшумна і зморана сноўдала сюды-туды па салоне. Жанін страціла яе з вачэй, але потым убачыла, як тая садзіцца на нерухомую руку мужа. Было зімнавата. Муха пацепвалася пры кожным парыве ветру, што ўдараў у шыбы хвалямі хрусткіх пясчынак. Пад бразгат абшыўкі і скрогат рысораў машына, цяжка перавальваючыся з боку на бок, ледзьве пасоўвалася наперад у рэдкім святле зімовага ранку. Жанін зірнула на мужа. Кароткія сіваватыя віхры над нізкім і вузкім ілбом, шырокі нос і няправільнай формы рот надавалі Марсэлю выгляд надзьмутага фаўна. Пры кожнай выбоіне на дарозе яго падкідала, і ён навальваўся на Жанін сваім грузным целам. Потым, расставіўшы ногі, адкідаўся назад і зноў утаропліваўся ў прастору нерухомым позіркам, па-ранейшаму адсутны і млявы. Адзіным, што ў ім яшчэ жыло, здаваліся пухнатыя безвалосыя пальцы, якія выглядалі яшчэ карацейшымі пад рукавамі шэрага фланелевага пінжака, што спаўзлі ніжэй ад манжэтаў кашулі і цалкам схавалі запясці. Яны так моцна сціскалі пастаўленую між каленяў палатняную валізку, што нібыта нават не адчувалі нясмелых перабежак мухі.
- Жанр
- Классическая проза
- Перевод
- Зміцер Колас
- Язык
- be
- Размер FB2
- 39,4 КБ
- Добавлена