Даўняе, незабыўнае...
Скачать
Начало книги
Навагрудчына — зацішны куток майго маленства. Тут я гадаваўся і рос. Тут наша Бярозаўка, невялікая вёсачка за густым сасняком і рэдкім бярэзнікам. Адсюль я выходзіў у свет і сюды-ж не раз вяртаўся з далёкіх дарог. Сам я з польскай сям’і. Бацька мой, родам недзе з-пад Ломжы, зрушаны з месца яшчэ ў часы імперыялістычнай вайны, знайшоў сабе прытулак у Бярозаўцы, прыстаўшы ў прымы да бяздзетнае ўдавы. З ім разам у няродную хату сваім яшчэ няпэўным дзіцячым крокам прытупаў і я. Даглядаць мяне не было каму. Маці чужая, а бацька — чалавек пануры, скупы на літасць і ласку. І рос я сам па сабе, як гарох пры дарозе, — хто не ідзе, той і ўшчыпне.
Мачыха, жанчына хваравітая, трывала нядоўга; аднаго году на прадвесні яе вынеслі за вёску пад дубовы крыж.
Бацька, страціўшы на суды немалыя сродкі, нічога не дасягнуў — невялікі, у тры гектары, клін поля ўсё-ж такі адсудзілі крэўныя мачыхі. Па законах таго часу мы не мелі права на спадчыну. За гэтымі судамі бацька абнядужаў, да яго, ужо нездаровага, прыкінуліся сухоты і ён памёр.
- Жанр
- Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия
- Издание
- 1957
- Язык
- be
- Размер FB2
- 48,8 КБ
- Добавлена